ВАСІЛЕ́ВІЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала са жн. 1941 да ліст. 1943 на тэр. Васілевіцкага р-на Гомельскай вобл. Кіраўнікі Ц.​М.​Астапенка (загінуў) і М.​С.​Белы. Аб’ядноўвала 5 груп (57 чал.): 2 у Васілевічах (кіраўнікі Л.​П.​Курганская-Сакалова, А.​І.​Белы), у в. Бабічы (П.​А.​Астапенка), Навінкі (А.​Ф.​Фралоў), Хамічы і Гогалева (С.​П.​Алісейка). Падпольшчыкі прымалі па радыёпрыёмніках і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, трымалі сувязь з Васілевіцкім і імя Варашылава партыз. атрадамі, здабывалі і перадавалі ім зброю, боепрыпасы, медыкаменты, звесткі разведкі, папярэджвалі партызан і насельніцтва пра карныя аперацыі гітлераўцаў, вывелі са строю электрастанцыю ў Васілевічах, учынялі інш. дыверсіі. У барацьбе з акупантамі загінуў 31 падпольшчык. У Васілевічах на брацкай магіле падпольшчыкаў пастаўлены абеліск.

т. 4, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)